НО́ВАЯ (МАЛАДА́Я) ГІСТАРЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак эканам. тэорыі, які склаўся ў 1870—80-я г. і развіваўся пераважна ў Германіі да 1930-х. Непасрэдная пераемніца гістарычнай школы. Гал. аб’екты даследаванняў школы — праблемы гіст. вытокаў і лёсу капіталізму, рухаючых сіл і перыядызацыі гіст. працэсу. Прадстаўнікі школы Л.Брэнтана, В.Зомбарт, ням. эканамісты Г.Шмолер, К.Бюхер і інш. разглядалі сац.-эканам. развіццё асобных краін як адлюстраванне рознага ў розных народаў «нацыянальнага духу», што выключала магчымасць агульных для іх законаў, выступалі за «гісторыка-статыстычны» метад у эканам. тэорыі. Адно з асн. паняццяў школы — «сацыяльны арганізм» (ужывалася да грамадства, розных сац. груп і інш.). За адраджэнне канструкцый гэтай школы выступаў У.Ростаў у тэорыі «стадый эканамічнага росту».

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)